Hair Peace Salon | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | інды-рок[1][2][3], альтэрнатыўны рок[4], брыт-поп[5][6][7][8][9], брыт-рок[10][11][12][13][14][15][16][17][18], паўэр-поп[19][20][21], рок-н-рол[22], інды-поп[23] |
Гады | 1998—2013 |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Мова песень | англійская, беларуская |
Лэйбл | West Records |
Склад |
Алег Вяль Канстанцін Карман Максім «Gandibober»[24] Дзевічэнскі Аляксандр Сцепановіч |
Былыя ўдзельнікі |
Аляксандр Вашчыла Аляксей Кузняцоў Артур Лучкоў Вадзім Дубіна Андрэй Козік Вадзім Ісаеў Уладзімір Агаян |
Іншыя праекты |
«Jitters», «Bristeil», «Helaiv» |
hairpeacesalon.com |
«Hair Peace Salon» (бел.: Салон міра і валасоў[25]) — брыт-поп і паўэр-поп гурт з Мінска, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-рока[7][26][27][28][29]. Яго музыка вылучаецца ў большасці англамоўнай лірыкай з эмацыйнай падачай і рэзкімі перападамі настрою ў спевах[30][31][32]. Гурт быў заснаваны ў 1998 годзе і выдаў поўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сінглаў і EP[33]. У сярэдзіне 2013 года музыкі прыпынілі супрацоўніцтва і некаторыя людзі з апошняга складу гурту, уключаючы франтмена і сузаснавальніка Алега Вяля, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў у Беларусі[25], сфарміравалі беларускамоўны рок-гурт «Bristeil»[34], за якім у 2017 годзе з’явілася нараджэнне сольнага электроннага праекта музыкі «Helaiv»[35][36][37].
Алег Вяль пачаў марыць граць музыку яшчэ ў 1996 годзе[38]. На наступны год яго брат набыў для свайго гурта ўдарную ўстаноўку, і гэта стала першай матэрыяльнай падставай для пачатку[38]. Алег хацеў далучыцца да музычнага калектыву брата, але яго не ўзялі, бо той яшчэ не граў ні на якім музычным інструменце[38]. У 1998 годзе будучы вакаліст-гітарыст збірае двух школьных таварышаў, басіста Максіма Дзевічэнскага і барабаншчыка Аляксандра Вашчылу, у гурт[38]. Усе жадалі граць музыку як натхнёную музычнымі гуртамі агульных сяброў, такімі як «Jitters», так і вядомымі на ўвесь свет, такімі як «Nirvana», «Radiohead», «Pearl Jam»[32]. Першыя гады хлопцы толькі вучыліся граць і эксперыментавалі з новымі ідэямі і метадамі напісання твораў[32].
Упершыню назва «Hair Peace Salon» афіцыйна прагучала са сцэны мінскага клуба «База» 22 лютага 2002 года на канцэрце-трыб’юце Курта Кабэйна і гурта «Nirvana»[32]. Імпрэза была прысвечана дню нараджэння музыканта, і на ёй «Hair Peace Salon» адыграў некалькі песень[32]. На той момант гурт складаўся з трох чалавек: Алега, Максіма і Аляксандра, — але апошні ў тым жа годзе пакідае гурт і яго наступнікам становіцца Артур Лучкоў[38].
Неўзабаве склад узмацняе сола-гітарыст Вадзім Дубіна[38]. Такім чынам, гурт на 2003 год збірае класічны склад рок-ансабля з чатырох чалавек: рытм-гітара, сола-гітара, бас-гітара, барабаны[39]. У сакавіку «Hair Peace Salon» прымаюць удзел у «Фестывалі авангарднай музыкі і моды » ў Мінску. У рэкламных мэтах гурт запісвае першы сінгл «Next Level», які складаўся з дзвюх песень, і ён выходзіць у пачатку 2004 года[40].
У чэрвені 2004 года «Hair Peace Salon» разам з «Jitters» прымае ўдзел у міжнародным фестывалі «Piirideta Muusika» (эст.: «Музыка без межаў»), які праходзіў у горадзе Нарва (Эстонія)[32]. У тыя гады Артур Лучкоў і Алег Вяль таксама гралі ў брыт-рок гурце «Jitters», дзе за бас-гітарай спяваў Канстанцін Карман[11], да таго ж абодва англамоўныя музычныя калектывы часта выступалі разам на зборных канцэртах і сумесна ездзілі па фестывалях, так што музыкі добра ведалі адзін аднаго[41][42][43]. Калектыў робіць крокі на грандж-сцэну, актыўна граючы на мінскіх клубных пляцоўках на працягу 2002—2004 гадоў[32].
У 2005 годзе па сямейных абставінах з гурта сыходзіць Вадзім Дубіна[13]. Праз чатыры месяцы пасля доўгіх пошукаў і эксперыментаў на яго месца прыходзіць гітарыст Вадзім Ісаеў з Жодзіна, знаёмства з якім адбываецца праз «Музыкальную газету» і прыход якога робіць калектыў больш згуртаваным і цэласным[44]. У ліпені гурт удзельнічае ў польскім фестывалі «Басовішча-2005»[45], у снежні — у «Рок-коле-2005» (Полацк)[46].
Наступны рэкламны CD гурта з’яўляецца ў свет у тым жа 2005 годзе[47]. Кружэлка ўключыла ў сябе EP «Hover» з аднайменным загалоўным сінглам, а сама кампазіцыя «Hover» трапіла ў брытанскі зборнік альтэрнатыўнага рока «Spotlight On» выдавецтва «Matchbox Recordings», выхад якога датуецца 14 лістапада 2005 года[48]. У кастрычніку Алег Вяль па пэўных тэхнічных прычынах і каб больш часу ўдзяляць свайму гурту спыняе супрацоўніцтва з «Jitters», дзе ён паралельна граў на гітары і быў бэк-вакалістам[49]. Пад новы 2005 год склад пашырыў клавішнік-вакаліст Андрэй Козік са стылістычна блізкага «Hair Peace Salon» гурта «Rosary», але ў сукупнасці ён пайграў супольна каля паўгода[13][38].
Пад канец вясны 2006 года Артур Лучкоў таксама вызваліўся ад пабочных абавязкаў у «Jitters», а сам год гурт правёў на сцэне і, акрамя канцэртаў па Беларусі, прыняў удзел у замежных фестывалях «польск.: Rock bez Igły» (Тыхы), «польск.: Wiosło Jaćwinga» (Сувалкі), «польск.: Fiesta Borealis» (Алецка)[44][44][50]. Да таго ж музыканты з’явіліся на супольным канцэрце з удзелам «Neuro Dubel», «Крама», «N.R.M.», «Indiga» і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў у падтрымку выпуску серыі зборнікаў «Песьні свабоды», які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 года[44].
2007 год стаў годам выпуску другога сінгла, які разам з канцэртна-спаборніцкай актыўнасцю за гэты час прынясе намінацыю ў катэгорыі «Прарыў года» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у наступным лютым[51][52][53].
Гурт выйграе майскі трэцьфінал па галасаванні гледачоў, вынікі якога зацвердзіў гітарыст-педагог Уладзімір Угольнік[54][55], і сам фінал конкурсу «ИдиНаРок» у чэрвені з прызам запісаць песню на прафесійнай музычнай студыі[56][57]. Хлопцы граюць на вялікіх пляцоўках падчас святкавання Дню горада Мінска і на фестывалі «Амбасовішча», які быў праведзены амбасадай ЗША ў Беларусі ў верасні[58][59], і толькі з-за махінацый з падлікам галасоў спыняюцца ў паўфінале міжнароднага конкурсу «Global Battle of the Bands», у якім яны ўдзельнічалі на працягу другой часткі 2007 года[60].
Пасля спроб пайграць разам з сесійнымі клавішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас імпрэзы «Акустыка вясны» ў сакавіку[61], пад канец 2007 года колькасць афіцыйных удзельнікаў гурта павялічваецца, бо Канстанцін Карман прыпыняе існаванне свайго гурта «Jitters» і далучаецца да «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове[62]. У гурце ўжо быў свой басіст, а паколькі Канстанцін Карман нядаўна купіў сінтэзатар «Roland JP-8000 » падчас дзелавой паездкі ў Шатландыю, то ён стаў клавішнікам, які спявае вакальныя партыі, а таксама складае спевы[63]. 28 кастрычніка 2007 года EP «Gipsy» быў выдадзены ў свет[14]. Новае аблічча гурта было паказана на канцэртнай прэзентацыі рэліза, падтрыманай выступленнямі «Open Space» і некаторых іншых музыкаў — сябраў гурта, 18 лістапада 2007 года[64].
25 лістапада 2007 года для прасоўвання новага супрацоўніцтва на лэйбле «West Records» быў выдадзены спліт-альбом «Split Before, Together Now»[65][66]. На CD трапілі EP «Gypsy» «Hair Peace Salon» і «Pick Me Up» «Jitters» з арыгінальным афармленнем вокладкі, на якую былі змешчаны два звязаныя шнуркамі дзіцячыя чаравікі як сімвал таго, што раней было два гурты, але з гэтага часу яны аб’яднаны[67][68][69]. «Хлопцы з „HPS“ заўсёды захапляліся творчасцю не вельмі вядомай, але ўлюбёнай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёння яны дагналі іх у майстэрстве, сталі побач і ў чымсьці нават абышлі», — крытык Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падсумавала жыццёвы шлях гуртоў у сваім аглядзе на дыск[14].
У дадатак да рэгулярных канцэртаў, а іх было дадзена ў 2007 годзе каля трыццаці, музыкі паспяхова ўдзельнічалі ў розных музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты)[70][71][72], «Залатая акустыка» (пераможцы)[73][74], «Рок-спарынг» (уладальнікі прыза на запіс на студыі)[71]. Па выніках апошняга конкурсу пад канец 2007 года Алена «Aresha» Сабалеўская з партала «LiveSound.by» прадказала, што пра музыкаў гурта, які, на думку Сяргея Ясючэні, дырэктара «West Records», выбіўся ў трэнды[75], «будуць пісаць усё радзей і радзей, таму што пісалі пра іх вельмі шмат»[76].
Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сінгла EP «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурта з Канстанцінам Карманам, было знята рэжысёрам Анатолем Вечарам у лютым 2008 года, і гатовы ролік 16 сакавіка быў паказаны па тэлебачанню ў праграме «Pro движение+»[77][78]. Падчас першай частцы 2008 года на студыі «OSMOS» быў запісаны і новы сінгл «Stand The Rain» — прыз пераможцам музычнага конкурсу «ИдиНаРок»[79]. У сакавіку гурт выступіў у перадачы «Музычны партал» Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё, дзе сыграў яшчэ не выдадзеныя песні: «Stand The Rain», «Ice Age», «Borderline»[80].
У той жа час Вадзім Ісаеў пакідае гурт[81]. Гэта сталася ўдарам, бо адбылося падчас сесій запісу новага міні-дыска, і хаця каманда спрабавала знайсці новага сола-гітарыста, але гэтага не ўдалося. Нягледзячы на акалічнасці, квартэт, які застаўся, не пажадаў ні марудзіць з тэмпам запісу новых твораў, ні змяншаць колькасць жывых выступленняў[82]. Прэзентацыя новага EP «In Tune» была зладжана ў дзень яго выпуску 1 лістапада 2008 года ў клубе «Bronx» з удзелам Вадзіма Ісава[81] пры падтрымцы фальклорнага гурту «Akana-NHS» з Ірэнай Катвіцкай і Русяй[83][84][85]. Гэты дыск быў запоўнены чатырма песнямі, уключая бонусную «Stand The Rain», якая ўжо выдавалася на сінгле[81][86].
Як пераможца адборачных тураў разам з «Open Space»[87][88][89][90] у студзені 2009 года гурт сыграў на мясцовым фінале фестывалю «Bandscan»[91], заключная частка якога павінна была прайсці ў Швецыі, але «Hair Peace Salon» заняў толькі другое месца[92]. Музычнае відэа на песню «In Tune» было знята ў лютым, а сам завершаны кліп быў паказаны публіцы ў снежні таго ж года[93][94]. У вясновы час Артур Лучкоў пакідае гурт у выніку рознагалоссяў у «Hair Peace Salon», але пасля кароткіх пошукаў Аляксей Кузняцоў, былы ўдзельнік «Prophetic Dream», «Iris7»[95] і некаторых іншых гуртоў, займае яго месца[96]. У ходзе наступнага перыяду года «Hair Peace Salon» актыўна працаваў у студыі над новымі музычнымі творамі, узбагачаў досвед падачы сваіх акустычнай[97][98] і рокавай праграм[99][100][101], часта, як і ў мінулыя гады[102][103], ладзіў канцэрты разам з паплечнікамі, таксама прадстаўнікамі брытанскай хвалі, «Open Space» ды іншымі[104][105][106][107][108].
Перамога ў адборы за месца ў зборніку грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New»[109] па часе супала з удзелам у праекце «Тузін. Перазагрузка» вэб-партала «Тузін Гітоў» і «Будзьма беларусамі!», дзеля чаго гурт пераспяваў сваю песню «Ice Age» на беларускай мове, лірыку да якой паэтычна пераклаў літаратар Віталь Воранаў[110][111], і гэта стала першым спевам хлопцаў па-беларуску[112]. Прыметны трэк пад назвай «Студзень» трапіў на CD-кампіляцыю праекта, якая была выпушчана ў свет у снежні 2009 года[113][114]. У жніўні 2009 года гурт атрымаў перамогу ў нацыянальным адборы, арганізаваным «Будзьма беларусамі!»[115][116], і з’ездзіў у Чарнігаў (Украіна) на фестываль «Be Free», каб прадставіць тую версію спева на роднай мове[117][118][119].
У канцы 2009 года гурт абнавіў афіцыйны сайт, дызайн якога распрацавала Паліна Пастушэнка, рэжысёр апошняга кліпа «In Tune»[93]. У снежні 2009 года Аляксей Кузняцоў пакінуў гурт (пазней Алег Вяль скажа, што сыход музыкі адбыўся з-за таго, што яны не гралі з гэтым бубначом добра ў гармоніі), і ўжо ў наступныя месяцы Уладзімір Агаян, прыхільнік гурту, які выйграў кастынг, стаў яго пераемнікам[63]. Такім складам Вяль, Дзевічэнскі, Карман і Агаян учатырох пачалі працу над поўнафарматным альбомам[120][121].
Асноўны артыкул: Gentleman (альбом) |
У першыя некалькі месяцаў 2010 года гурт прымае ўдзел у адкрытым музычным фестывалі «Graffiti Open Music Fest», паспяхова праходзячы яго раунды[122][123][124], а таксама дабіраецца да рэгіянальнага фіналу конкурсу «Рок-ноч»[20][125]. Першы сінгл пад назвай «Happy For A While» з будучага поўнафарматнага альбома быў выпушчаны 5 красавіка 2010 года спачатку на кітайскі рынак з адметнай вокладкай, каб падтрымаць падпісанне новага бубнача[126], у той час як яго сусветны выхад адбыўся на пяць дзён пазней[127][128]. Гэты рэліз азначыў музычны зрух гурту ў бок паўэр-попа, а альбом з новымі спевамі павінен быў выйсці наступнай восенню[129]. Новыя песні з сінгла, як і зменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клубе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоу разам з «Drum Ecstasy», «Кассиопея», «The Stampletons» ды іншымі[5][130][131].
У верасні 2010 года гурт робіць двайны рэліз: выхад новага рок-н-рольнага[22] інтэрнэт-сінгла «Rolz'n'Rulz» быў падтрыманы эксперыментальным EP рэміксаў «HPS Remixed», на які трапілі шэсць песень з дзвюх апошніх сінглаў у транс, драм-н-бэйс, даўнтэмпа ды іншых стылёвых апрацоўках ад шэрага дыджэяў мінскай электроннай сцэны[132][133][134]. Віктар Сямашка як вядоўца «Беларускага Радыё Рацыя» прызнаў эксперымент паспяховым[28]. 3 снежня 2010 года гурт даў анлайн-канцэрт на «TUT.BY», дзе выканаў у тым ліку некалькі песень з гэтых новых сінглаў[63][135].
У прэс-рэлізе ў падтрымку сінгла і EP было адзначана, што праца над будучым дэбютным альбомам будзе завершана ў пачатку зімы 2010 года[136]. Тым не менш, на працягу 2011 года гурт працягнуў трымаць фокус на запісе твораў да альбома, што абмежавала колькасць канцэртаў[137][138][139]. Першапачаткова на дыску планавалася выдаць адзінаццаць спеваў; асноўнымі ў ім павінны былі стаць тэмы высакароднасці, шчодрасці, сілы духу, прагі да жыцця з крыхой дзівацтваў і самаіроніі[140]. Разам з заканчэннем працы над музычным бокам кружэлкі ў канцы 2011 года пачаліся пошукі «сапраўднага мастака», які намаляваў бы яго вокладку[141].
18 сакавіка 2012 года гурт зрабіў афіцыйны анонс свайго поўнафарматнага альбома ў кароткім відэа[142]. Музычныя творы за апошнія тры гады былі аб’яднаны ў альбом «Gentleman»; гэты рэліз стаў даступны для прыхільнікаў на афіцыйным сайце з 21 сакавіка 2012 года бясплатна з магчымасцю заплаціць столькі, колькі вы захочаце[143]. Нягледзячы на папярэднюю аб’яву, толькі 10 трэкаў з’явіліся ў фінальнай версіі: адзін прышлося выдаліць[143]. На пярэдняй вокладцы і для аздаблення буклета CD былі выкарыстаны афорты Сяргея Балянка, беларускага мастака[144].
Альбом атрымаў у асноўным станоўчую крытыку: «добрая, грунтоўная, прадуманая і гожая праца. Ну і асобны рэспект афармленню»[145], «яны маюць усё, што трэба — выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананне, пісьменную падачу»[29], «„Rolz’n'Rulz“ чапляе»[7], «гэты калектыў і знаходзіцца якраз ці не за ўсіх бліжэй да стандартнай еўрапейскай традыцыі сумяшчэння рокавага інструментарыя з дастаткова папсовай мелодыкай»[7][146], «меладычныя і меланхалічныя песні, прыгожыя гітары і распазнавальны высокі вакал Алега Вяля»[7], «зачараванне „HPS“ не толькі ў стылістычнай вытрыманасці, не толькі ў бездакорна якаснай аранжыровачнай і кампазітарскай працы, але і ў безумоўнай арганічнасці»[147], «шматгалоссе, што часам прымушае ўспомніць ліверпульскую чацвёрку, надае гучанню паветранасць і адчуванне буйнога мазка»[148]. У той жа час аглядальнікі пакрытыкавалі калектыў за адсутнасць яркасці і арыгінальнасці, таму што запіс чуўся, як звычайны альбом брытанскай хвалі, ды за бруднаватае гаражнае гучанне[7][144]. «Вельмі слаўная праца, дзе адчуваецца індывідуальнасць», як было адзначана ў аглядзе года «Тузін Гітоў»[149], была абрана ў некалькі топаў беларускіх альбомаў, выпушчаных у той час[150][151][152][153][154][155], а яе першы трэк «Borderline» быў выбраны ў топ лепшых сучасных беларускіх песень партала «Lenta.ru »[156].
Пасля выпуску альбома была зроблена замена ў гурце: новы бубнач Аляксандр Сцяпановіч быў знойдзены ў пачатку жніўня замест Уладзіміра Агаяна, які пакінуў склад[157]. У сувязі з пошукамі барабаншчыка буйное шоу да выхаду плыты «Gentleman» было адкладзена да 11 кастрычніка 2012 года[158][159]. У гэты дзень «Hair Peace Salon» адыграў сольны канцэрт на адной з самых папулярных пляцовак Мінска, у клубе «RE:PUBLIC»[160]. Падчас яго гурт выканаў песні з альбома, творы мінулых гадоў і некалькі кавер-версій сваіх жа песень на беларускай мове, а таксама прэзентаваў цалкам новы спеў-дуэт з Ірэнай Катвіцкай, вакалісткай этнічных джазавых калектываў «Akana-NHS» і «Kazalpin» — «Гарэла Сасна», праца над запісам якога распачалася яшчэ ў 2010 годзе[20][161][162].
У наступныя паўгады альбом быў падтрыманы шэрагам дадатковых шоу як у акустычным[157][163][164][165], так і ў рокавым фарматах[166][167][168]. На сваім трэцім выступленні на штогадовай імпрэзе «Акустыка вясны», якое адбылося ў сакавіку 2013 года, гурт даў паслухаць са сцэны свой свежы матэрыял, які пазней будзе афіцыйна выдадзены ўжо іншым калектывам Алега Вяля «Bristeil» на сінгле «Cyruĺnia Svietu»: новую песню на беларускай мове «Nieba Abraz» і хіт амерыканскай спявачкі Ланы Дэль Рэй «Video Games », які будзе пераспяваны па-беларуску і стане яго адзінай такой кавер-версіяй[19][169][170].
Гурт атрымлівае намінацыю ў катэгорыі «Дэбют года» на музычнай прэміі «Rock Profi» за альбом «Gentleman»[171]. Апошняе на той момант шоу на радзіме было адыграна 19 мая 2013 года, калі музыканты далі сумесны канцэрт з «Open Space» у мінскім рок-клубе «TNT»[172]. У пачатку лета яны былі згаданы сярод канкурсантаў за права зграць на «Басовішча-2013», але не былі адабраны[173][174]. Тым не менш, у канцы жніўня яны разам з гуртамі «The Toobes» і «Dzieciuki» ўсё ж такі былі запрошаны прадставіць Беларусь у Польшчы на фестывалі «Cieszanów Rock Festiwal 2013»[175][176][177].
Атрымаўшы некаторы досвед ігры дуэтам «VS ½ HPS» вясной 2013 года[178], Алег Вяль і Аляксандр Сцепановіч разам з двума іншымі музыкантамі ў выніку бяздзейнасці «Hair Peace Salon» восенню стварылі новы беларускамоўны рок-гурт «Bristeil»[179][180][181]. Гурт «Hair Peace Salon» ніколі не заяўляў пра свой распад, але з 2013 года калектыў не выпускаў новых песень у свет.
Сяргей Будкін, аўтар «Будзьма беларусамі!» і рэдактар «Тузін Гітоў», у 2014 годзе паспачуваў гурту, музыкі якога пасля прэзентацыі альбома «апынуліся ў няпэўным стане», бо ён «меў усё, акрамя хіба што шанцавання»[182][183]. Алег Клімаў, карэспандэнт газеты «Культура», рэфлектаваў наконт заняпаду гурта: «шчыра шкада папярэдніх каманд Алега, што згінулі заўчасна», у 2017 годзе, выказваючы думку, што Алег Вяль не дацярпеў да таго моманту, каб яго дзецішча «трывала ўмацавалася на клубнай канцэртнай сцэне»[184].
Музыканты «Hair Peace Salon», што пачыналі на рубяжы тысячагоддзяў у якасці гурту альтэрнатыўнага рока, праз перыяд інды-рок-, брыт-рок- і брыт-поп-рэпертуару 2000-х, у 2010-я сталі найбольш вядомыя як выканаўцы англамоўнага паўэр-попа[4][185]. Спевы «Hair Peace Salon», як уважаюць музычныя крытыкі, у асноўным напоўнены сумнымі і трагічнымі матывамі[4], але ні адзін з іх твораў не выбіваецца за рамкі брытанскага рока[55]. Музыка гурта выклікае эмоцыі суму, суперажывання, так што праца артыстаў падыходзіць пад вызначэнне брыт-рока, дзе часта прысутнічае дэпрэсіўны настрой[95][102]. «Нячаста можна ўбачыць, як „Hair Peace Salon“ строіць кепікі, а яшчэ радзей — як народ пад іх трагічную музыку адрываецца», — сведчыла Алена «Aresha» Сабалеўская, канцэртны аглядальнік «LiveSound.by», ў 2007 годзе[186]. Тым не менш, пасля выхаду альбома «Gentleman» у 2012 годзе Алег Клімаў як калумніст «СБ. Беларусь сегодня» канстатаваў, што «гурт, які спачатку выконваў сумненькі інды-рок, дадаў агрэсіўнасці, нервовасці ў кампазіцыі, і зараз пад іх можна не толькі пазяхаць, але і адрывацца на танцполе»[155].
Вольга Самусік, супрацоўніца «Музыкальнай газеты», апавядала на старонках выдання пра выступленне гурта на «Басовішчы-2005», ладна ацаніўшы яго «прыгожы брыт-рок»: «Адчувальная прэтэнзія на заходнее гучанне. Граюць хлопцы проста ачмурэць. „Басовішча“ — гэта ўжо не іх узровень. Не разумеем, навошта яны марнуюць тут свой музычны час, ім трэба пакараць еўрапейскія вышыні… „Hair Peace Salon“ — добры гурт, асабліва для тых, хто з’яўляецца сапраўдным брыт-рокерам-поперам»[187]. Па выніках вераснёвага канцэрта ў 2006 годзе аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп пісаў: «Склалася ўражанне, што гэтай музыцы ўжо цесна ў маленькім клубным памяшканні. Па напале эмоцый, якасці матэрыялу ды яго выканання было відавочна, што хлопцам ужо час выходзіць на вялікія пляцоўкі да вялікай аўдыторыі»[188]. У справаздачы з невялікага клубнага канцэрта ад прома-групы «LiveSound.by» у пачатку красавіка 2008 года Дар’я «misty» Іванкова апавядала пра душэўна блізкіх да суайчыннікаў хлопцаў, якія «сталі зусім еўрапейскімі» і якія нават для вузкага кола людзей гралі, як «быццам для стадыёна»[189]. На наступны год Андрэй Чарніцкі, заснавальнік «LiveSound.by», у артыкуле пра студзеньскі трыб’ют «U2» залічыў брыт-рок калектыў у шэраг гуртоў, якія «заслужана занялі сваё месца ў сталічным мэйнстрыме»[190], а Сяргей «SB» Будкін у 2010 годзе згадаў гурт сярод «моцных сераднякоў беларускага рока»[191].
Пасля наведання аднаго з сумесных канцэртаў беларускіх брыт-рокераў восенню 2007 года Кацярына «Fobia_L» Асіпчык з «LiveSound.by» станоўча ахарактарызавала якасць гуку і своеасаблівасць стылю «англійскіх спадароў», як назвала гурт Маша «СкаZка» Сказка адтуль жа[60], і выказала рэспект артыстам за знешні выгляд і музыку, адпаведныя брытанскай хвалі[192]. Пасля праслухоўвання «сапраўднай брыт-поп» праграмы «Hair Peace Salon» на канцэрце ў Ліцэі БДУ ў лістападзе 2007 года ў карэспандэнта «LiveSound.by» Вікі «Кактус» Нарко стварылася ўражанне, што выступаў «не беларускі гурт, а вялікабрытанскія музыкі вельмі добрага ўзроўню»[16]. Спявак Дзмітрый Калдун як эксперт партала «Тузін Гітоў» на прыкладзе кавера «Студзень» вылучаў амерыканскую мелодыку і якасць гуку гурта[193]. Вольга Зінгер са слуцкай газеты «Iнфа-Кур’ер» у сваім рэпартажы з выступлення «Hair Peace Salon» у 2013 годзе засведчыла, што выкананая ім праграма дазваляе прыняць думку музычных крытыкаў наконт самага брытанскага гурта Беларусі, адзначыўшы яго «відавочна высокі ўзровень»[168].
У рэцэнзіі на сінгл 2005 года «Hover» Алег «О’К» Клімаў з «Музыкальнай газеты» апісваў музыку «Hair Peace Salon» як «гітарны рок на англійскай мове, багаты па думцы, эфектны, які адсылае цябе да прог-музыкі (гэта як калі б брыт-рокеры ўскладніліся з нейкага ражна)… выдатны вакал. З аранжыровачнымі эмоцыямі, як і „ўхвалена“ ў такога роду музыцы, — бедна»[47]. У цэлым гучанне калектыву параўноўваецца з творчасцю «Jitters», гурта брытанскага рока, усе ўдзельнікі якога падзялялі гэтую стылістычную блізкасць[194]; як адзначаў сам галоўны рэдактар газеты пасля праслухоўвання прома-дыскаў 2005 года абодвух, «Пра „Jitters“ можна напісаць усё тое, што напісана пра „HPS“. Можа, „жітэрсы“ крыху больш рэзкія. А палова складу „Jitters“ і зусім грае ў „Hair Peace Salon“… ці наадварот»[195]. «Далей „Jitters“ — амаль нічога не змянілася — ратацыя „Hair Peace Salon“ на 50 %», — адзначыў галоўны рэдактар сайта «tvordom.com» Янка Бусел па выніках годных і роўных выступленняў абодвух гуртоў запар у рамках вечарыны брытанскага року ў сакавіку 2005 года і дадаў, што вакал «Hair Peace Salon» «бясспрэчна захапляе»[196]. СЛЭП як канцэртны аглядальнік музычнага партала «Xlam.by» паўтарыў думку абадвух, бо «ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца»[197]. «Цудоўна згуртаваным блокам выглядалі і слухаліся „Hair Peace Salon“ і „Jitters“», — пісала W. для «Музыкальнай газеты» ў справаздачы з вясновага трыб’юта «Depeche Mode» у 2006 годзе, вылучыўшы «якасны брыт-рок», але і заўважыўшы, што «агульнанароднае прызнанне наўрад ці здарыцца», бо менталітэт іх суайчыннікаў «не пад тое заточаны»[198], што адлюстравала і падобную выснову журналіста «Белорусской деловой газеты» Паўла Свярдлова[9].
Як паведамляла Алена «Aresha» Сабалеўская праз «LiveSound.by» ды «Музыкальную газету», са з’яўленнем у 2007 годзе за сінтэзатарам Канстанціна Кармана гурт стаў граць па-новаму, дзесьці можна было правесці паралель з гуртом «Без Билета»[103], а агульнае гучанне стала яшчэ больш глыбокім, рамантычным і насычаным[14][55]. Праслухаўшы альбом «Split Before, Together Now», яна ж яшчэ раз безумоўна прыпісала творчасць «мінскіх пабрацімаў гурта „Coldplay“», як пісаў і карэспандэнт «Музыкальнай газеты» Сяргей Будкін у 2005 годзе[46], да брытанскай рок-сцэны, таму што «гурты, якія адносяць да брыт-попа („Travis “, „Radiohead“, „Muse “, „Blur “, „Coldplay“) маюць шмат агульнага, іх пазнаюць, такім чынам, да чагосьці аднаго іх можна прыпісаць… У „салонаў“ ёсць штосьці ў гучанні, блізкае ўсім гэтым калектывам, са сваімі асаблівасцямі, вядома, але распазнавальнае дакладна гэтак жа»[14].
Музыку «Hair Peace Salon» у рэцэнзіі гэтага жа альбома Таццяна Заміроўская са штотыднёвіка «БелГазета» апісала словамі: «брыт-рок з галавакружнымі перапляценнямі гармоній а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпеджыа а-ля „Muse “ і неўратычныя-пачуццёвымі інтанацыямі а-ля „Travis “… Сякія-такія мелодыі „HPS“ незразумелым чынам нагадваюць новы альбом „Radiohead“ (які выйшаў пасля таго, як матэрыял гэтага дыска быў запісаны!)»[199]. Яшчэ раз яна параўнала беларусаў з «Radiohead» у 2009 годзе[200]. Юлія «Ju» Тынявіцкая для «xlam.by» па прыездзе з «Басовішча-2005» таксама пісала пра арыентацыю «вельмі цікавага гурту» на «„Radiohead“ і кампанію»[45]; у тым годзе калектыў, як адзначыла WASP для «Музыкальнай газеты», «выразна вытрымаў стыль, па-туманна-альбіёнаўскі», адыграўшы на вечары, прысвечаным творчасці «Radiohead»[201].
Супрацоўнікі «Еўрапейскага радыё для Беларусі» ў 2010 годзе адзначалі, што ў эфіры гурт часта блытаюць з «Open Space»[202]. Аўтары «LiveSound.by» знайшлі падабенства з «Naka» пасля сумеснага канцэрта ў маі 2008 года[203].
Дыск «In Tune» 2008 года азначаўся SLAP для «Тузіна Гітоў» як «меладычная, рамантычная і напоўненая светлым сумам, але дужа рытмічна збітая поп-музыка»[79], а канцэртная праграма «Gentleman» асвятлялася Сяргеем Будкіным, музычным аглядальнікам «Будзьма беларусамі!», ужо як «меладычная рок-музыка»[163]. Эксперт «Тузіна Гітоў» Севярын Квяткоўскі аднойчы выклаў думку, што музыка гурта нагадвае яму «Czerwone Gitary » і Пола Мак-Картні ў сучаснай брыт-поп стылістыцы[204]. Аляксандр Філімонаў, аўтар «Lenta.ru», у 2013 годзе, падсумаваўшы думкі ўсіх крытыкаў, канстатаваў, што гурт «дэманструе беражлівыя адносіны да спадчыны пост-рока, брыт-попа, паўэр-попа»[156].
На пытанне Вольгі Асокінай з «Бабруйскага кур’ера» пра што іх песні, Канстанцін Карман у 2012 годзе адказаў так: «Гэта вынаходства ўласнай рэальнасці. Мы закранаем вечныя тэмы, якія заўсёды будуць актуальныя»[23].
Калегі музыкантаў, прадстаўнікі грандж-сцены з гурта «Caravan», на пытанне «Музыкальнай газеты» пра каманды, якія ім даспадобы, у другім студзеньскім нумары 2005 года вылучылі «выдатныя калектывы» «Hair Peace Salon» і «Jitters», таму што «яны граюць арыгінальную музыку»[205]. Віталь Артыст, франтмен «Без Билета», таксама пахваліў абедзве каманды ў 2006 годзе: «Я вельмі рады, што давялося прадстаўляць нашу краіну з такімі гуртамі, як „Jitters“ і „Hair Peace Salon“. У Алеццы мы па-сапраўднаму „запалілі“[206]. З гэтага часу там будуць больш паважаць беларусаў»[207]. Ён жа ў 2010 годзе праз «СБ. Беларусь сегодня» яшчэ раз прарэкламаваў «таленавіты праект» «HPS»[208].
Яўген Змушко, вакаліст гурта «Мутнаевока», у 2007 годзе ў «Музыкальнай газеце» вылучыў «Hair Peace Salon» сярод гуртоў, уклініцца ў шэраг якіх ён бы хацеў[209]. Аляксей Бразгаўка, франтмен гранж-гурта «Karavan», адзначаў для «Музыкальнай газеты», што з гуртом «Hair Peace Salon» граць заўсёды прыемна[210]. Гурт «Дзецідзяцей» шанаваў «Hair Peace Salon», бо ён грае «добрую музыку»[211]. Артур Шустоўскі, франтмен гурту «In Vino », характарызаваў сваіх супернікаў па «Global Battle Of The Bands» як «цікавы, прафесійны, моцны калектыў»[212].
«Што „Hair Peace Salon“ — музыка не для мас, вядома ўжо даўно», — пісала пра гурт у 2007 годзе Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты»[61], сцвердзіўшы меркаванне Алега «О’К» Клімава, выказанае за два гады да таго[195]. Пасля наведання вясновага грандж-сэйшна 2006 года Ганна Сівакова з «Музыкальнай газеты» абрысавала выступ гурта так: «Незвычайна прыгожая, філасофская, эмацыйная музыка. Шкада, не для ўсіх прымальная»[213]. «LiveSound.by» апісаў артыстызм «Hair Peace Salon» на фоне сумеснага канцэрта «British Lovers» з «Open Space» у чэрвені таго ж года амаль аднолькавым чынам: «Творчасць не для ўсіх, у нейкай меры арыстакратычная, якае не прэтэндуе на масавасць»[102].
«Перад намі наглядны прыклад таго, як калектыў дамагаецца поспеху і вядомасці праз творчасць», — пісала Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by»[64]. Культуролаг Максім Жбанкоў у аналізе 2008 года для Беларусі заключыў, што выйгрышнае становішча занялі артысты «без відавочнай палітычнай прапіскі», да якіх аднёс і «Hair Peace Salon», прадстаўніка «новай гітарнай хвалі»[214][215]. У запісцы са зборнага канцэрту-паніхіды па Курту Кабэйну ўвесну 2006 года Ганна Сівакова з «Музыкальнай газеты» назвала фаварытам «Hair Peace Salon», які «ўвёў усіх у транс сваёй жывой, эмацыянальнай псіхадэлікай»[216]. «Нягледзячы на багацце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад дыска «Split Before, Together Now» Андрэй «duckling» Чарніцкі[12]. Камітэт карэспандэнтаў «Еўрапейскага радыё для Беларусі» на чале з Машай Яр пры справаздачы з фэсту «Be Free» ў 2009 годзе паведаміў пра «прыгожыя мелодыі і гарманічныя хады» гурта, які прывёз «песні, падобныя на песні»[217].
Заснавальнік сайта «Ultra-music.com» Віталь Радзівонаў у сваім запісе з фэсту «Жывы Гук ON-line» летам 2009 года папракнуў гурт за нуднасць канцэртнай праграмы, паставіў яму ў прыклад гурт «The Toobes»[218], але ўжо праз год як член журы «Graffiti Open Music Fest» засведчыў прагрэс «дарослага і вядомага» калектыву, выступленне якога спадабалася[219].
Па ўражаннях ад жывых выступленняў гурта карэспандэнты «xlam.by» і «Музыкальнай газеты» Юлія «Ju» Тынявіцкая і Алена «Aresha» Сабалеўская адзначалі харэаграфію, пазітыўную энергію і вакальныя здольнасці Канстанціна Кармана[55][57], «прыемны голас» адзначаў і ihar з «xlam.by»[54].
Алег Вяль падчас выступлення гурта на тэлеканале «СТБ» у 2010 годзе быў названы «адным з найлепшых беларускіх рок-выканаўцаў»[25]. Алена Сабалеўская, аўтар «Музыкальнай газеты», па выніках «Акустыкі вясны» вясной 2007 года пісала, што «вакальныя даныя Алега не пакідаюць абыякавым»[61]. І пад рокавы акампанемент, «наймацнейшы голас Алега… гучыць ашаламляльна», адзначала яна ж у тыя часы здольнасць вакаліста ўжо як рэпарцёр «LiveSound.by»[220]. Віка «Кактус» Нарко з таго ж рэсурсу таксама захаплялася моцай «мяккага і прыемнага» голасу франтмена[221]. Алег Клімаў, музычны эксперт праекта «Experty.by», у 2012 годзе прыпісаў яго ж да шэрагу «найлепшых айчынных рок-вакалістаў, якія спяваюць на англійскай мове»[7].
Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by» на прыкладзе трыб’юта «Placebo» у 2006 годзе падкрэслівала чысціню, ветлівасць і прыгажосць выканання, «дарослы падыход да справы» гурта[222], які, па ўспамінах Яўженіі і Алехандры з «Музыкальнай газеты», здаволеная публіка не хацела адпускаць[223]. Master Shablonov у справаздачы з вечарыны «Brit Rock Party» для «xlam.by» у 2007 годзе прыгадваў факт, што гурт з «самымі лепшымі прыхільніцамі» публіка любіць[224]. У тым жа годзе майскі вечар «Great Music Evening» запомніўся аўтару «LiveSound.by» Лёшу «Tiktak» Старавойтаву выхадам «Hair Peace Salon», які падняў настрой і некалькі ажывіў публіку[225], бо, як пісала Алена Сабалеўская, «дзяўчаты перад сцэнай былі задаволеныя на ўсе сто»[220], а пасля сумеснай імпрэзы з гуртом «Glofira» ў сакавіку 2008 года Кацярына «Fobia_L» Асіпчык удакладніла калег: гурт менавіта дамскі[226]. Яна ж пісала пра «спакойны, роўны і чысты гук» гурта на «Inside Out Fest» у аглядзе фестывалю для «LiveSound.by» у 2007 годзе[227]. Падобнымі словамі аглядальнік «tvordom.com» Алесь Менскі апісаў выхад гурта, які выступіў «роўна і цікава», на вечары памяці Джыма Морысана ў снежні 2004 года[228].
Інтэлігентнасць і прастату ў дачыненні да музыкаў «Hair Peace Salon» узгадваў Gooffy з «xlam.by»[229], Воля Кузьміч з Задзіночання беларускіх студэнтаў апісвала «кранальную інтэлігентнасць»[230], Воля Вітушка адтуль жа таксама стала сведкай інтэлігентнасці і джэнтльменства артыстаў[92]. Антрэпрэнёр Ян Бусел з нумару гурта на адкрыцці беларускага фан-клуба «Radiohead» у сакавіку 2005 года вынес «сціпласць паводзінаў удзельнікаў, што падкупляе»[231]. Дыджэі «World Government» расказалі «Experty.by» пра гурт у 2010 годзе так: «Яны захавалі нейкую чысціню, і ў іх абсалютна няма пафасу ці апломбу, што нам вельмі імпануе»[136]. У 2012 годзе журналіст «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Маша Калеснікава запрашала на канцэрт «беларускіх джэнтльменаў»[232], якой па яго выніках туравала Ірэна Катвіцкая праз «Будзьма беларусамі!»: «Гэта джэнтльмены нашай беларускай сцэны, і іх вытанчанасць мне вельмі даспадобы»[161].
Члены гурта, які на працягу першых дзесяці год быў выключна англамоўным[26], у адным з інтэрв’ю «xlam.by» у сярэдзіне 2000-х гадоў выказалі меркаванне, што з-за таго, што яны не спявалі на беларускай мове, іх з цяжкасцю запрашалі на фестывалі і кепска «круцілі» па радыё, нягледзячы на якасную творчую працу, а на прамое пытанне журналіста сайта, ці будуць яны пісаць песні на беларускай мове, Алег Вяль ды Максім Дзевічэнскі адказалі адмоўна, у той час як другія ўдзельнікі былі больш схільныя паспрабаваць[38]. Вакаліст і аўтар тэкстаў быў такой думкі, што «не заўсёды хочацца, каб мяне разумелі», а басіст аргументаваў словамі: «Каму гэта будзе цікава, той возьме і перакладзе»[38].
Канстанцін Карман наконт моўнага пытання тлумачыў «Тузіну Гітоў» у 2007 годзе так: «Мы не паэты — на англійскай мове пісаць і выкладаць думкі нават прасцей. А наяўнасць у Беларусі пэўнай англійскамоўнай культуры азначае, што і наша краіна прычынілася да Еўропы, якая ў большасці спявае па-англійску»[65]. На падобнае пытанне «Еўрапейскага радыё для Беларусі» ў тым жа годзе музыкі адказалі, што іх выбар ёсць даніна ўсей рокавай музыцы, ды і «англійская мова — гэта мова рок-н-ролу»[233]. «Мы пяём па-англійску таму што пэўныя ў тым, што англійскамоўнае мастацтва павінна прысутнічаць тут. Гэта набліжае нас да еўрапейскага кантэксту», — казалі музыкі «Тузіну Гітоў» у 2009 годзе[234]. У 2014 годзе Алег Вяль для «Еўрапейскага радыё для Беларусі» патлумачыў выбар замежнай мовы так: «Мы проста хацелі быць бліжэйшымі да той музыкі, якую слухалі, — а тое, што мову не разумеюць, — стварае для слухача пэўную загадку, а загадка ў мастацтве — заўсёды плюс»[235].
Музычны рэдактар радыёстанцыі «Unistar » Аляксандр Ажынскі казаў «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» у 2009 годзе, што англамоўны рок «Hair Peace Salon» часта грае на яе хвалях, так як станцыя «аддае перавагу якаснай папулярнай музыцы» цікавай дарослым[236][237].
Тым не менш, з цягам часу музыкі ўсё ж такі «адкрылі для сябе незвычайную пекнасць і меладычнасць беларускай мовы», ствараючы песню «Студзень», як яны прызналіся ў 2015 годзе інфармацыйнаму агенцтву «Мінск-навіны»[238]. «Ідэя заспяваць па-беларуску завабіла нас тым, што гэта абсалютна новы віток у нашай творчасці, які можа прыцягнуць большую колькасць слухачоў», — казалі музыкі парталу «Наша Ніва» пра сінгл у 2009 годзе[26], разгарнуўшы адказ, дадзены «Тузіну Гітоў»: «Наша мова — вельмі клёвая. Таму маем намер спяваць і па-беларуску. Мы ж жывём тут»[234].
Шлях да запатрабаванай беларусізацыі[239] неўзабаве падтрымаў кавер сваёй жа песні «Gipsy» — «Цянькі», таксама зроблены на лірыку Віталя Воранава[240][241]. Спробы спяваць па-беларуску былі незразуметыя экспертам «Тузіна Гітоў» Алегам Хаменкам[242], Сяргей Будкін акрэсліў іх як «досыць удалыя эксперыменты»[29] і «[беларуская мова] ім яўна пасуе»[163], яго меркаванне падзяліў Ілля Маліноўскі, журналіст «Еўрапейскага радыё для Беларусі»[243][244]. «Па-свойму, беларуская мова гучыць крута», — разважаў Алег Вяль на запыт «Еўрапейскага радыё для Беларусі» вясною 2010 года[20]. У інтэрв’ю «Experty.by» вясною 2012 года ён жа адзначыў: «Беларуская мова для мяне стала вельмі важнай. Спадзяюся, што мы здолеем рэалізаваць нейкія новыя трэкі адразу на беларускай»[141]. Падчас прэм’еры апошняга сінгла «Гарэла Сасна» на «Тузіне Гітоў» вакаліст зусім упэўніў грамадства: «Мы і надалей будзем імкнуцца, каб роднай мовы ў нашай творчасці было больш»[245].
У цэлым жа ў 2014 годзе ў рэтраспектыве стасункаў франтмена з беларускай мовай у матэрыяле для «Будзьма беларусамі!» і «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін прыйшоў да высновы, што «з вуснаў Алега англійская мова гучала цалкам самадастаткова і гарманічна», але «не менш прыгожа ён пяе і па-свойму»[182][183].
Алег Вяль заўсёды марыў пра доўгую, гучную і нестандартную назву свайго гурту а-ля «Mother Love Bone », «Ugly Kid Joe », «Jefferson Airplane», «Hairspray Queen »[32]. Выпадкова найменне «Hair Peace Salon» было падказана сябрам артыста, які таксама пісаў музыку[38]. Алег Вяль убачыў частку тэксту да яго песні пад назвай «Hair Peace Salon»[38]. Яго сябар узяў гэтае напісанне з адной амерыканскай кінастужкі, гэта была ўсяго толькі шыльда на доме[38]. Алег Вяль правёў даследаванне і не знайшоў аніякіх гуртоў, якія мелі б такую назву[38]. Другі раз напісанне «Hair Peace» ён пабачыў на акне ў дакументальным фільме пра Джона Ленана і Ёка Она «Bed-In »[38].
|
|
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |1=
(даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка); Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |deadurl=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)
((cite journal))
: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |layurl=
, |laydate=
, |subscription=
, |nopp=
, |last-author-amp=
, |laysource=
, |registration=
, |name-list-format=
, і |dead-url=
(даведка)
((cite journal))
: Невядомы параметр |dead-url=
ігнараваны (прапануецца |url-status=
) (даведка)