Neuro Dubel | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | рок, панк-рок, двухмоўны рок-н-рол |
Гады | 1989 — цяперашні час |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Адкуль | Мінск |
Мова песень |
беларуская руская |
Лэйблы | БМАgroup, Vigma, West Records |
Склад |
Віталь Абрамовіч Уладзімір Сахончык Яўген Броўка Андрэй Сцепанюк |
Былыя ўдзельнікі |
Аляксандр Кулінковіч † Юрый Навумаў † Максім Паравы Станіслаў Паплаўскі Алег Громаў Максім Івашын Дзмітрый Чыж † Святлана Сідаровіч Генадзь Агейчык |
neurodubel.com | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Neuro Dubel», або «Нейра Дзюбель», або «Нэйра Дзюбель», або «Нейро Дюбель» — рок-гурт з Мінска, Беларусь. Адзін з «патрыярхаў» беларускага року. Стыль гурта — панк-рок ці, радзей, — «двуязычный ракенролл» (гэтае вызначэнне прыдумана самім гуртам, варта адзначыць, што з 2003 г. значную частку творчасці гурта складаюць беларускамоўныя песні). Тым не менш, гурт выкарыстоўвае некалькі стыляў — ад рэгі і блюзу да хардкору. Можа быць, менавіта гэта акалічнасць разам з мацнейшай канцэртнай энергетыкай і «нервовымі», па меркаванні журналістаў, тэкстамі стала прычынай таго, што гурт заваяваў дастатковую любоў беларускай аўдыторыі[1].
Нэйра Дзюбель быў заснаваны ў 1989 годзе Аляксандрам Кулінковічам (пасля псеўданіма Джым Лазараў узяў псеўданім КуЛЛінковіч, з якім працуе па сённяшні дзень) і Генадзем Агейчыкам (цяпер ужо былым шваграм Кулінковіча). Днём нараджэння гурта лічыцца 17 ліпеня, калі гэты дуэт у стане жудаснага пахмеллю напісаў і запісаў некалькі павольных і сумных песень. На працягу некалькіх наступных гадоў дуэт працаваў пераважна дома, збіраючы музычны матэрыял і ствараючы свой уласны стыль і гучанне. У гэтым стане, выкарыстоўваючы пераважна хатнюю аўдыётэхніку, гурт выдаў некалькі альбомаў (уключаючы адзін акустычны), што называліся «Некачественные продукты студии ГангрЭна Продакшн».
У 1991 г. Агейчык пакінуў гурт і на месцы дуэта ўзнік канцэртны склад: лідар і аўтар тэкстаў Кулінковіч; гітарыст і, пасля, бэк-вакаліст, Юрый Навумаў; басіст Дзмітрый Чыж і бубнач Андрэй Сцепанюк. Таксама ў гурце ўдзельнічала бэк-вакалістка Святлана Сідаровіч, якая трагічна памерла ў 1993 г.
Першае з’яўленне Нэйра Дзюбеля на сцэне адбылося на адкрыцці «Астролябии-Шоу» 4 кастрычніка 1991 г. Гурт быў першым госцем з Беларусі ў Маскоўскім панк-кафэ «Отрадное». У 1993 г. з гурта звольнілі басіста (за п’янства), на яго месца прыйшоў Стас Паплаўскі. Тады ж у гурта з’явіўся клавішнік Макс Івашын. Праз гэтыя змяненні складу гурт выходзіць на амаль прафесійны ўзровень і пачынае шмат і актыўна канцэртаваць.
Нэйра Дзюбель браў удзел у мясцовых фестывалях «БУДЬ СПОК» і «Чужая Вода» ў Магілёве, «В защиту Музыкальных Меньшинств», «Рок-Форум», «КГ — Сердитый Праздник», «Тяжелый День» у Мінску, у акцыях «Беларусь Против Ядерного Оружия» і «Музыканты Против Наркотиков», цырымоніях «Рок-Каранацыя» ў 1995—1996 гг., дзе гурт быў ўзнагароджаны спецыяльным прызам Ленінградскага рок-клубу і гурта ДДТ.
У 1995 разам з новым сола-гітарыстам Максімам Паравым быў запісаны першы студыйны альбом (дубальтовы) «Умные Вещи (The Best)». У гэтым жа годзе па запрашэнні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча гурт прыняў удзел у першым для сябе сур’ёзным канцэрце — «Поп-ТВ» у Палацы спорту. Сам Кулінковіч казаў аб гэтым канцэрце: «Гэта быў наш першы выступ у Палацы спорту, тады гэта была мяжа мар не толькі для нас, але і для любога беларускага музыкі. Велізарная сцэна, апаратура, плюс першы нармальны паказ па тэлебачанні. Рост »Дзюбеля« я адлічваю менавіта з гэтага канцэрта, многія тады ўбачылі, прынамсі, па тэлевізары мы глядзімся. …Пасля гэтага канцэрта пайшлі следам прапановы аб выступах ад людзей, якія больш-менш штосьці значылі ў беларускім шоу-бізнесе».
У 1996 г. убачыў свет альбом «Жестокое Самоубийство Универсальной Нарезкой Бёрнера», і на працягу першых двух месяцаў 1997 года гэта праграма была прадана ў колькасці больш за 5000 асобнікаў практычна без прамацыйнай і рэкламнай кампаніі. У 1996—1997 гг. фірмай «ПАН Рекордз» быў рэалізаваны кавер-праект «ПесняРок», дзе вядучыя беларускія гурты выконвалі версіі песняў знакамітага ансамбля «Песняры». На прэзентацыі дыску 4 ліпеня 1997 года Нэйра Дзюбель са сваёй апрацоўкай песні «Вологда» выступаў у самым канцы, нават пасля саміх «Песняроў», такім чынам узначальваючы і закрываючы шоу. На «Рок-каранацыі 1996» гурт атрымаў спецпрыз «За найлепшую інтэрпрэтацыю эстраднага шлягера» («Здравствуй, чужая милая»).
У 1997 годзе выключна праз Internet Нэйра Дзюбель прыняў удзел у кампіляцыі канадскай фірмы «United Records» — «United We Stand». Песня «Вай-вай» зноўку з’явілася на дыску пачэсным апошнім трэкам у кампаніі 19 незалежных гуртоў з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. У 1998 годзе з 1 па 3 мая у горадзе Сасновы Бор ля Санкт-Пецярбурга праходзіў рок-фестываль «Балтийский Берег '98». Нэйра Дзюбель атрымаў Прыз Сімпатый Гледачоў з адрывам ад найбліжэйшага намінанта ў 40 % і Гран-Пры Ленінградскага рок-клубу.
У 1999 годзе на цырымоніі ўзнагароджання найлепшых рок-гуртоў Беларусі «Рок-Каранацыя '98» Нэйра Дзюбель атрымаў галоўны прыз — Рок-Карону — з рук самога Уладзіміра Мулявіна, акрамя гэтага гурт перамог ў намінацыях «Найлепшая песня года» («Охотник и Сайгак»), «Найлепшы альбом года» («Охотник и Сайгак»), «Найлепшы кліп года» («Охотник и Сайгак»). На штогадовай цырымоніі ўзнагароджання найлепшых музычных кліпаў «Хрустальная монограмма '99» кліп на песню «Самолеты» з альбома «Ворсинки и катышки» перамог у трох намінацыях: «Найлепшы сцэнарый», «Найлепшы рэжысёр», «Найлепшы акцёр». На «Рок-Каранацыі '99» альбом «Ворсинки и Катышки» быў названы найлепшым альбомам 1999 года.
Пад канец 2000 года было прынята рашэнне прасоўваць гурт на расійскі рынак. Быў запісаны кліп «Вася пьет», які ратыраваўся на MTV, даваліся канцэрты ў Маскве, і, галоўнае — у Расіі выйшаў альбом «Народное достояние», для якога былі перазапісаны найлепшыя песні за ўсю гісторыю гурта. У лістападзе адбылася яго прэзентацыя, а ў продажы з’явілася каля дзвюх тысяч касет. Але з Масквой нічога не атрымалася, а таму касеты не пашырылі свой наклад, а CD так і не выйшаў. Пасля дастаткова працяглай паўзы ў пачатку 2002 года быў запісаны альбом «П. И.О. Т.К. У.К. У.К.» («Правдивые истории о том как у Карлсона угнали комбинезон»). Дыск выйшаў у траўні і стаў па выніках года адным з самых прадаваных (па некаторых звестках — самым). 14 снежня гэтага ж года кампанія «West Records» выдала дыск «RE: Пиар во время чумы», які ўяўляе сабой зборнік найлепшых песень гурта. Ён уключае ў сябе не толькі матэрыял з ужо рарытэтнага «Народного достояния», але і песні з апошняга альбома «П. И. О. Т. К. У. К. У.К».
У 2003 годзе для гурта настаў пераломны момант: басіста звольнілі з гурта (ізноў за п’янства), Максім Івашын з’ездзіў спачатку вучыцца, а потым працаваць у Канаду, стварыўшы музычны калектыў «Клёндайк», а вядучы гітарыст гурта Макс Паравы вымушаны быў з’ехаць у Маскву[2]. Такім чынам, гурт апынуўся на мяжы знікнення. Аднак намаганнямі лідара гурта і яго знаёмых утварыўся новы склад, які застаўся нязменным да сённяшняга часу.
І ўжо ў 2004 г. выйшаў першы беларускамоўны альбом гурта — «Tanki», які стаў на «Рок-Каранацыі 2004—2005» альбомам года. 21 ліпеня 2004 г. гурт выступіў на апазіцыйным канцэрце, і з 2004 г. па 2007 г. разам з некаторымі іншымі беларускімі рокерамі яна неафіцыйна была пад забаронай[3].
Музыканты з’явіліся на зборным канцэрце ў падтрымку выпуску серыі складанак «Песьні свабоды», на які сабраліся ўдзельнікі Крама, N.R.M., Indiga, Hair Peace Salon і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў, які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 года.[4]
На «Рок-Каранацыі 2007», акрамя галоўнай узнагароды — Рок-кароны — гурт атрымаў перамогу ў намінацыі «Альбом года» — «Stasi». У лістападзе 2007 года на канцэрце ў клубе «Graffiti» запісваецца першы канцэртны DVD у гісторыі калектыву. У 2009 годзе на сайце «Тузін Гітоў» песня «Трываю» з альбома «Stasi» па выніках года заняла 6-е месца і ўвайшла ў зборку найлепшых песень «Прэм’ер Тузін 2009». На «Рок-Каранацыі 2009» гурт атрымаў спецпрыз «За адданасць рок-музыцы». Песня «Касманаўты» з альбома «Афтары правды» па выніках года заняла 6-е месца ў хіт-парадзе «Тузін гітоў». У 2012 г. выйшаў чарговы альбом «Дохуя советчиков». Новы альбом «На Марс!» выйшаў у 2015 г.
Раніцай 4 жніўня 2018 года стала вядома, што лідар гурта Аляксандр Кулінковіч памёр ва ўзросце 46 гадоў. Прычынай смерці стала пнеўманія.
Праграма «Belsat Music Live», якая выйшла ў эфір 21 кастрычніка, была прысвечаная памяці Аляксандра Кулінковіча. Музыкі гурта «Нейра Дзюбель» разам з сябрамі і калегамі Кулінковіча выканалі некаторыя песні гурта. У запісе праграмы прынялі ўдзел: Ігар Варашкевіч («Крама»), Леслі Найф («Gods Tower»), Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч («:B:N:»), Лявон Вольскі і Зоя Сахончык («Зьмяя»). Праз некалькі дзён 25 кастрычніка ў мінскім амфітэатры Prime Hall адбыўся вялікі канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча пад назвай «Я прынёс табе ура!». Акрамя вышэйпералічаных удзельнікаў тэлепраграмы у канцэрце таксама прынялі ўдзел: Алег Хаменка («Палац»), Алесь Мышкевіч («The Superbullz »), Юрый Стыльскі («Дай дарогу!»), Алесь Таболіч («Znich»), Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), Ангус (Tornado), праект «ВелосипедистоВ», Зміцер Вайцюшкевіч і Уладзімір Пугач («J:Морс»). Грошы, атрыманыя на продажы квіткоў, пайшлі на помнік Кулінковічу, выданне зборніка яго публіцыстыкі, а таксама альбом з фотаздымкамі гурта «Нейра Дзюбель».
8 верасня 2020 года з падазрэннем на інсульт у рэанімацыю 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў цяжкім стане быў дастаўлены вакаліст гурта Юрый Навумаў, у яго быў паралізаваны правы бок цела. Лекары ўсталявалі, што стан быў следствам чэрапна-мазгавой траўмы. Увечары 14 верасня 2020 года музыкі не стала[5]. Застаўшыяся музыкі яшчэ не вырашылі, ці будзе гэта канчатковы распад гурта[6][7].
Былыя ўдзельнікі:
Сесійныя ўдзельнікі: